Летнік для маладзёвых НГА еўрарэгіёну „ПоЛіБелКа‘2003“
(13-18 жніўня 2003 г., Піянерскі, Калінінградская вобл., Расея)
З 13 па 18 жніўня ў г. Піянерскі Калінінградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі адбыўся міжнародны маладзёвы летнік “ПоЛіБелКа” з удзелам прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў эўрарэгіёну “Нёман”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь), Віленскі зьвяз маладзёвых арганізацыяў “Круглы стол” (Вільня, Летува) і Калінінградзкая рэгіянальная маладзёвая грамадзкая арганізацыя “ЦУНАМІ” (Піянерск, Калінінградзкая вобласьць Расейскай Фэдэрацыі).
Ідэя летніку нарадзілася на Форуме грамадзкіх арганізацыяў эўрарэгіёну “Нёман” у Гародні (Беларусь) 18-19 кастрычніка 2002 г. Тады ў працы Форуму ўдзел бралі прадстаўнікі каля 30 НГА зь Беларусі, Летувы, Польшчы і Калініградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.
Мэтай праекту “ПоЛіБелКа” зьяўляецца павышэньне ўзроўню імкненьня НГА Беларусі, Летувы, Польшчы і Калініградзкай вобласьці РФ да актыўнага супрацоўніцтва і абмену сваімі найлепшымі распрацоўкамі ў розных сфэрах.
Падчас летніку ладзіліся прэзэнтацыі арганізацыяў-удзельніц і іх праграм па працы з моладзьдзю (кожная краіна мела на гэта 1 дзень). Прэзэнтацыі спалучаліся з практычнымі заняткамі і гульнямі, відэапраглядамі. Гэткім чынам хлопцы і дзяўчаты абменьваліся досьведам у рэалізацыі праектаў і ідэямі, якія прайшлі выпрабаваньне на практыцы.
Адным з аспэктаў працы летніку стаўся міжкультурны абмен. Маладзёны вывучылі шэраг словаў і выразаў у мовах краін эўрарэгіёну, пазнаёміліся з жыцьцём у гэтых краінах з дапамогай іх жыхароў. Штовечар ладзіліся нацыянальныя вечарыны з гульнямі, сьпевамі і ласункамі. Усё гэта, а таксама нефармальная атмасфэра паспрыялі стварэньню ў моладзі станоўчага іміджу краін-суседак па эўрарэгіёну.
Падчас летніку была распрацаваная стратэгія далейшай дзейнасьці арганізацыяў-удзельніц. Асноўнымі накірункамі супрацы былі вызначаныя наступныя:
- “STOP ГЭС!” (міжнародны сплаў па рацэ Нёман);
- Фэстываль нацыянальных культур эўрарэгіёну “Нёман”;
- разьвіцьцё старонкі www.polibelka.org да ўзроўню парталу недзяржаўных арганізацыяў эўрарэгіёну “Нёман”;
- абмен досьведам працы ў розных галінах дзейнасьці (экалёгія, журналістыка, маладзёвыя праграмы і інш.) праз арганізацыю супольных навучальных курсаў;
- Фэстываль НГА эўрарэгіёну “Нёман” з вызначэньнем найлепшых арганізацыяў у розных намінацыях.
Акрамя таго было выказанае пажаданьне, каб працоўныя сустрэчы грамадзкіх аб’яднаньняў эўрарэгіёну “Нёман” праводзіліся штогод.
Зараз ідзе падрыхтоўка да выданьня Каталёгу праектаў і праграм па працы з моладзьдзю, якія былі рэалізаваныя або рэалізуюцца грамадзкімі аб’яднаньнямі эўрарэгіёну “Нёман”. Мяркуецца, што кніга пабачыць сьвет у перакладзе на ўсе мовы эўрарэгіёну.
Валеры Руселік, каардынатар летніку зь беларускага боку, ГА “Цэнтр “Трэці сектар”: “Насамрэч летнік стаўся вялікай нечаканасьцю нават для саміх удзельнікаў і арганізатараў. Тое, што адбылося, даволі моцна адрозьніваецца ад таго, што задумвалася ў Гародні ў кастрычніку 2002 году. Аднак, на маю асабістую думку, правядзеньне летніку можна назваць удалым: мы дасягнулі дзьвюх вельмі важных рэчаў. Першае - тое, што моладзь з розных частак эўрарэгіёну сустрэлася разам у вельмі спрыяльнай для навязваньня шчыльных кантактаў атмасфэры. Другое - тое, што пасьля летніку ўва ўдзельнікаў (прадстаўнікоў розных НГА эўрарэгіёну "Нёман") зьявілася памкненьне рэальна працаваць і супрацоўнічаць. Калі проста, моладзь эўрарэгіёну "Нёман" зацікавілася эўрарэгіёнам. Гэта дае вялікую надзею на супольную надзвычай цікавую й вясёлую будучыню”.
МІЖНАРОДНЫ МАЛАДЗЁВЫ ЛЕТНІК “ПоЛіБелКа”
З удзелам моладзі еўрарэгіёну “Нёман”
Г. Піянерскі, Калінінградская вобл., жнівень 2003 г.
Працоўныя мовы: англійская і руская (размаўляць па-англійску, разумець таксама па-руску).
Крытэрыі адбору:
Для арганізацыі:
1. Статус грамадскай маладзёвай арганізацыі;
2. Знаходжанне ў рамках еўрарэгіёну "Нёман" (пажадана);
3. Добра распрацаваная, эфектыўная, цікавая методыка і досвед працы з моладдзю.
Для ўдзельніка:
1. Сябарства ў арганізацыі і добрае ўяўленне аб прынцыпах яе працы;
2. Здольнасць цікава і вобразна прэзентаваць сваю краіну і арганізацыю;
3. Узрост – 15 – 29 гадоў;
4. Валоданне працоўнымі мовамі летніка.
ПЕРАДГІСТОРЫЯ ПРАЕКТУ
Думка, закладзеная ў аснове гэтага праекту, нарадзілася на Форуме грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман” у Гродне (Беларусь) 18 – 19 кастрычніка 2002 г. У працы Форума ўдзел бралі прадстаўнікі 30 грамадскіх арганізацый з Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. РФ.
МЭТЫ І ЗАДАЧЫ
Мэтай дадзенага праекту з’яўляецца павышэнне ўзроўню імкнення НГА Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. РФ. Да актыўнага супрацоўніцтва і абмену сваімі найлепшымі распрацоўкамі ў розных сферах.
Задачы:
- навучанне і суправаджэнне метадычнымі матэрыяламі на навучальных цэнтрах прадстаўнікоў НГА паводле прынцыпу “НГА для НГА”, кожны ўдзельнік прэзентуе дзеючую праграму сваёй арганізацыі і навучае яе асновам іншых;
- абмен метадычнымі матэрыялямі з надалейшым іх аналізам і сінтэзам у выглядзе электроннага зборніка;
- інфамаванне НГА аб магчымасці супрацы шляхам уваходжання ў еўрарэгіёны;
- міжкультурны абмен – засвойванне агульных словаў і фраз на 4-х мовах, экскурс у гісторыю і цяпершчыну краіны з аналітычным элементам вачыма НГА гэтае краіны;
- укараненне вывучаных праграм у дзейнасць сваёй суполкі або перадача досведу іншай, зацікаўленай арганізацыі.
ВІДЫ ДЗЕЙНАСЦІ, МЕХАНІЗМЫ ЯЕ РЭАЛІЗАЦЫІ
У рамках рэалізацыі праекту прадугледжана 4 асноўныя кірункі працы:
- адукацыйны;
- міжкультурны;
- метадычны;
- інфармацыйны.
Адукацыйны кірунак
Плануецца наладзіць 28 адукацыйных цэнтраў (па 4 ў дзень). Кожны ўдзельнік будзе праводзіць навучанне паводле праграмы, рэалізаванай на практыцы арганізацыі, якую ён прадстаўляе. Навучанне суправаджаецца метадычнымі матэрыяламі, распрацаванымі арганізацыяй.
Міжкультурныя зносіны
Уключае ў сябе распрацаваную прадстаўнікамі кожнага краю цікавую методыку вывучэння асноўных словаў сваёй мовы (напрыклад, у форме гульні). Прадугледжваецца прадстаўленне кожнай краіны ў кірунку гісторыі, дэмаграфіі, геапалітыкі, сацыялогіі, эканомікі і г.д., праз танец, тэатр, спевы і пад.
Метадычны кірунак
Кожны навучальны цэнтр будзе завяршацца абмеркаваннямі, вынікі якіх будуць змешчаныя ў электронным зборніку НГА еўрарэгіёну “Нёман” на аснове падрыхтаваных удзельнікамі метадычных матэрыялаў.
Інфармацыйны кірунак
Па выніках летніку ўдзельнікі змогуць разгарнуць інфармацыйныя кампаніі ў сваёй краіне, мультыплікаваць атрыманы досвед з дапамогай семінараў, канферэнцый, друкаваных выданняў, агульнага электроннага зборніку.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да
Цэнтру інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў
“Трэці сектар” (Гродна)
sektar@iname.com