BEL   LIT   POL   RUS   ENG
Аб еўрарэгіёне

Праекты


Старонка грамадзянскай супрацы еўрарэгіёну “Нёман”
 
 
Летнік для маладзёвых НГА еўрарэгіёну „ПоЛіБелКа‘2003“
(13-18 жніўня 2003 г., Піянерскі, Калінінградская вобл., Расея)


З 13 па 18 жніўня ў г. Піянерскі Калінінградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі адбыўся міжнародны маладзёвы летнік “ПоЛіБелКа” з удзелам прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў эўрарэгіёну “Нёман”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь), Віленскі зьвяз маладзёвых арганізацыяў “Круглы стол” (Вільня, Летува) і Калінінградзкая рэгіянальная маладзёвая грамадзкая арганізацыя “ЦУНАМІ” (Піянерск, Калінінградзкая вобласьць Расейскай Фэдэрацыі).

Ідэя летніку нарадзілася на Форуме грамадзкіх арганізацыяў эўрарэгіёну “Нёман” у Гародні (Беларусь) 18-19 кастрычніка 2002 г. Тады ў працы Форуму ўдзел бралі прадстаўнікі каля 30 НГА зь Беларусі, Летувы, Польшчы і Калініградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.

Мэтай праекту “ПоЛіБелКа” зьяўляецца павышэньне ўзроўню імкненьня НГА Беларусі, Летувы, Польшчы і Калініградзкай вобласьці РФ да актыўнага супрацоўніцтва і абмену сваімі найлепшымі распрацоўкамі ў розных сфэрах.

Падчас летніку ладзіліся прэзэнтацыі арганізацыяў-удзельніц і іх праграм па працы з моладзьдзю (кожная краіна мела на гэта 1 дзень). Прэзэнтацыі спалучаліся з практычнымі заняткамі і гульнямі, відэапраглядамі. Гэткім чынам хлопцы і дзяўчаты абменьваліся досьведам у рэалізацыі праектаў і ідэямі, якія прайшлі выпрабаваньне на практыцы.

Адным з аспэктаў працы летніку стаўся міжкультурны абмен. Маладзёны вывучылі шэраг словаў і выразаў у мовах краін эўрарэгіёну, пазнаёміліся з жыцьцём у гэтых краінах з дапамогай іх жыхароў. Штовечар ладзіліся нацыянальныя вечарыны з гульнямі, сьпевамі і ласункамі. Усё гэта, а таксама нефармальная атмасфэра паспрыялі стварэньню ў моладзі станоўчага іміджу краін-суседак па эўрарэгіёну.

Падчас летніку была распрацаваная стратэгія далейшай дзейнасьці арганізацыяў-удзельніц. Асноўнымі накірункамі супрацы былі вызначаныя наступныя:

- “STOP ГЭС!” (міжнародны сплаў па рацэ Нёман);

- Фэстываль нацыянальных культур эўрарэгіёну “Нёман”;

- разьвіцьцё старонкі www.polibelka.org да ўзроўню парталу недзяржаўных арганізацыяў эўрарэгіёну “Нёман”;

- абмен досьведам працы ў розных галінах дзейнасьці (экалёгія, журналістыка, маладзёвыя праграмы і інш.) праз арганізацыю супольных навучальных курсаў;

- Фэстываль НГА эўрарэгіёну “Нёман” з вызначэньнем найлепшых арганізацыяў у розных намінацыях.

Акрамя таго было выказанае пажаданьне, каб працоўныя сустрэчы грамадзкіх аб’яднаньняў эўрарэгіёну “Нёман” праводзіліся штогод.


Зараз ідзе падрыхтоўка да выданьня Каталёгу праектаў і праграм па працы з моладзьдзю, якія былі рэалізаваныя або рэалізуюцца грамадзкімі аб’яднаньнямі эўрарэгіёну “Нёман”. Мяркуецца, што кніга пабачыць сьвет у перакладзе на ўсе мовы эўрарэгіёну.

Валеры Руселік, каардынатар летніку зь беларускага боку, ГА “Цэнтр “Трэці сектар”: “Насамрэч летнік стаўся вялікай нечаканасьцю нават для саміх удзельнікаў і арганізатараў. Тое, што адбылося, даволі моцна адрозьніваецца ад таго, што задумвалася ў Гародні ў кастрычніку 2002 году. Аднак, на маю асабістую думку, правядзеньне летніку можна назваць удалым: мы дасягнулі дзьвюх вельмі важных рэчаў. Першае - тое, што моладзь з розных частак эўрарэгіёну сустрэлася разам у вельмі спрыяльнай для навязваньня шчыльных кантактаў атмасфэры. Другое - тое, што пасьля летніку ўва ўдзельнікаў (прадстаўнікоў розных НГА эўрарэгіёну "Нёман") зьявілася памкненьне рэальна працаваць і супрацоўнічаць. Калі проста, моладзь эўрарэгіёну "Нёман" зацікавілася эўрарэгіёнам. Гэта дае вялікую надзею на супольную надзвычай цікавую й вясёлую будучыню”.

МІЖНАРОДНЫ МАЛАДЗЁВЫ ЛЕТНІК “ПоЛіБелКа”
З удзелам моладзі еўрарэгіёну “Нёман”

Г. Піянерскі, Калінінградская вобл., жнівень 2003 г.

Працоўныя мовы: англійская і руская (размаўляць па-англійску, разумець таксама па-руску).

Крытэрыі адбору:

Для арганізацыі:

1. Статус грамадскай маладзёвай арганізацыі;

2. Знаходжанне ў рамках еўрарэгіёну "Нёман" (пажадана);

3. Добра распрацаваная, эфектыўная, цікавая методыка і досвед працы з моладдзю.

Для ўдзельніка:

1. Сябарства ў арганізацыі і добрае ўяўленне аб прынцыпах яе працы;

2. Здольнасць цікава і вобразна прэзентаваць сваю краіну і арганізацыю;

3. Узрост – 15 – 29 гадоў;

4. Валоданне працоўнымі мовамі летніка.


ПЕРАДГІСТОРЫЯ ПРАЕКТУ
Думка, закладзеная ў аснове гэтага праекту, нарадзілася на Форуме грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман” у Гродне (Беларусь) 18 – 19 кастрычніка 2002 г. У працы Форума ўдзел бралі прадстаўнікі 30 грамадскіх арганізацый з Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. РФ.

МЭТЫ І ЗАДАЧЫ
Мэтай дадзенага праекту з’яўляецца павышэнне ўзроўню імкнення НГА Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. РФ. Да актыўнага супрацоўніцтва і абмену сваімі найлепшымі распрацоўкамі ў розных сферах.

Задачы:

- навучанне і суправаджэнне метадычнымі матэрыяламі на навучальных цэнтрах прадстаўнікоў НГА паводле прынцыпу “НГА для НГА”, кожны ўдзельнік прэзентуе дзеючую праграму сваёй арганізацыі і навучае яе асновам іншых;

- абмен метадычнымі матэрыялямі з надалейшым іх аналізам і сінтэзам у выглядзе электроннага зборніка;

- інфамаванне НГА аб магчымасці супрацы шляхам уваходжання ў еўрарэгіёны;

- міжкультурны абмен – засвойванне агульных словаў і фраз на 4-х мовах, экскурс у гісторыю і цяпершчыну краіны з аналітычным элементам вачыма НГА гэтае краіны;

- укараненне вывучаных праграм у дзейнасць сваёй суполкі або перадача досведу іншай, зацікаўленай арганізацыі.

ВІДЫ ДЗЕЙНАСЦІ, МЕХАНІЗМЫ ЯЕ РЭАЛІЗАЦЫІ

У рамках рэалізацыі праекту прадугледжана 4 асноўныя кірункі працы:

- адукацыйны;

- міжкультурны;

- метадычны;

- інфармацыйны.

Адукацыйны кірунак

Плануецца наладзіць 28 адукацыйных цэнтраў (па 4 ў дзень). Кожны ўдзельнік будзе праводзіць навучанне паводле праграмы, рэалізаванай на практыцы арганізацыі, якую ён прадстаўляе. Навучанне суправаджаецца метадычнымі матэрыяламі, распрацаванымі арганізацыяй.

Міжкультурныя зносіны

Уключае ў сябе распрацаваную прадстаўнікамі кожнага краю цікавую методыку вывучэння асноўных словаў сваёй мовы (напрыклад, у форме гульні). Прадугледжваецца прадстаўленне кожнай краіны ў кірунку гісторыі, дэмаграфіі, геапалітыкі, сацыялогіі, эканомікі і г.д., праз танец, тэатр, спевы і пад.

Метадычны кірунак

Кожны навучальны цэнтр будзе завяршацца абмеркаваннямі, вынікі якіх будуць змешчаныя ў электронным зборніку НГА еўрарэгіёну “Нёман” на аснове падрыхтаваных удзельнікамі метадычных матэрыялаў.

Інфармацыйны кірунак

Па выніках летніку ўдзельнікі змогуць разгарнуць інфармацыйныя кампаніі ў сваёй краіне, мультыплікаваць атрыманы досвед з дапамогай семінараў, канферэнцый, друкаваных выданняў, агульнага электроннага зборніку.


Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да

Цэнтру інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў

“Трэці сектар” (Гродна)

sektar@iname.com

BEL   LIT   POL   RUS   ENG
 
 
 
Форум НГА еўрарэгіёну “Нёман”
(18-19 кастрычніка 2002 г., Гародня, Беларусь)


Інфармацыя пра Форум грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну "Нёман".

18-19 кастрычніка 2002 года ў Гродне (Беларусь) адбыўся Форум грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну "Нёман". Форум быў арганізаваны грамадскім аб’яднаннем "Цэнтр "Трэці сектар" (г. Гродна) пры падтрымцы Прадстаўніцтва Сусветнага Банка ў Рэспубліцы Беларусь.

Удзел у працы Форума прымалі прадстаўнікі 30 грамадскіх арганізацый з Беларусі, Літвы, Польшчы і Калінінградскай вобласці Расіі, а таксама дырэктар Беларускага Бюро еўрарэгіёна Віктар Зданчук, консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Зоф'я Шмід, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Прадстаўніцтва Сусветнага Банка ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Алейнік, спецыялісты ўпраўленняў інфармацыі Гродзенскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Мэтай Форума з’яўлялася абмеркаванне стратэгіі развіцця супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі, мясцовымі ўладамі і структурамі еўрарэгіёну.

У першы дзень працы Форума разглядаліся наступныя пытанні:
• супрацоўніцтва НГА з мясцовымі ўладамі і структурамі еўрарэгіёну “Нёман”
• фандрэйзінг для НГА ў межах еўрарэгіёну “Нёман”;
• абмен інфармацыяй (пошук, абмен) у межах еўрарэгіёну “Нёман”.

Вынікамі працы Форума сталіся:

- Зварот удзельнікаў Форума да сябраў Рады і кіраўнікоў Бюро еўрарэгіёну «Нёман» у Беларусі, Польшчы, Літве і Калінінградскай вобласці Расіі, а таксама да кіраўнікоў выканаўчых улад і самакіраванняў;

- Стварэнне Ініцыятыўнай групы па стварэнні Працоўнай групы НГА еўрарэгіёну «Нёман». (Каардынацыяй працы ініцыятыўнай групы ў Гродзенскай вобласці Беларусі займаецца грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна), у Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі - грамадскае аб’яднанне “Рэсурсны інфармацыйна-аналітычны цэнтр (г. Калінінград), у Падляшскім ваяводстве Польшчы – арганізацыя “Малады цэнтр” (г. Беласток), у Літве –  Віленскі звяз маладзёвых арганізацый "Круглы стол" (Вільня).

- Створаная электронная канферэнцыя НГА еўрарэгіёну “Нёман”(euroregion@yahoogroups.com)

- Дамоўленасць аб правядзенні ўлетку 2003 года маладзёвага летніка “ПоЛіБелКа” для актывістаў маладзёвых НГА з розных частак еўрарэгіёну.

Дадатковую інфармацыю аб Форуме можна атрымаць у грамадскім аб’яднанні  «Цэнтр «Трэці сектар», г. Гродна, Беларусь.
Тел./факс+375-152-96-74-78
e-mail: sektar@iname.com
Форум

грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман”

18-19 кастрычніка, Гродна, Беларусь

Старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь

Ваяводу Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча

Маршалку Сойму Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча

Начальнікам Алітускага, Віленскага, Мар'ямпальскага паветаў Літоўскай Рэспублікі

Кіраўнікам самакіраванняў Алітускага, Віленскага, Мар'ямпальскага паветаў Літоўскай Рэспублікі

Губернатару Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі

Старшыні Калінінінградскай абласной думы Расійскай Федэрацыі

Кіраўнікам адміністрацый і ворганаў самакіравання Красназнаменскага, Гусеўскага, Несцераўскага, Азёрскага, Чарняхоўскага раёнаў Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі

Сябрам Рады і кіраўнікам Бюро еўрарэгіёну “Нёман” у Беларусі, Польшчы, Літве і Калінінградскай вобласці Расіі.

ЗВАРОТ

Мы, удзельнікі Форума грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман”,

- імкнучыся ўнесці свой унёсак у развіццё ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі, краінамі і народамі,

- усведамляючы сваю ролю ў вырашэнні як лакальных, так і транспамежных праблем нашага рэгіёна,

- адзначаючы ўнёсак у стварэнне і развіццё еўрарэгіёну “Нёман” з боку мясцовых улад памежных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі,

заяўляем пра неабходнасць цяснейшай каардынацыі дзеянняў паміж грамадскімі арганізацыямі, мясцовымі ўладамі і структурамі еўрарэгіёну “Нёман”.

Грамадскія арганізацыі рэгіёнаў, якія ўваходзяць у склад еўрарэгіёну “Нёман”, аб’ядноўваюць сёння найбольш актыўную і ініцыятыўную частку грамадства і маюць багаты інтэлектуальны і творчы патэнцыял.

Грамадскія аб’яднанні сёння паспяхова прыцягваюць рэсурсы і выкарыстоўваюць іх для вырашэння такіх важных задач, як дапамога сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва, ахова навакольнага асяроддзя, павышэнне ўзроўню адукаванасці і інфармаванасці грамадства, працаўладкаванне моладзі і г.д.

Наш досвед, веды і рэсурсы могуць і павінны быць выкарыстаныя для пашырэння эканамічнай і культурнай супрацы, умацавання кантактаў паміж нашымі народамі.

Мы заяўляем пра сваю падтрымку мэтаў стварэння еўрарэгіёну “Нёман”, а таксама пра гатоўнасць да:

- реалізацыі сумесных праграм і праектаў з удзелам грамадскіх арганізацый і мясцовых улад з розных частак еўрарэгіёну, накіраваных на вырашэнне вострых лакальных і транспамежных праблем;

- абмену інфармацыяй і досведам працы;

- удзелу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё добрасуседскіх стасункаў паміж нашымі краінамі і на развіццё супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёну “Нёман” у прыватнасці;

- адкрытага і канструктыўнага дыялога па любых пытаннях, якія тычацца ўнёску грамадскіх арганізацый у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.

Мы прапануем:

- уключыць у парадак дня паседжання Рады еўрарэгіёну “Нёман” наступныя пытанні:

- аб стварэнні Фонда развіцця еўрарэгіёну “Нёман”. У склад кіруючых органаў Фонда мы прапануем уключыць прадстаўнікоў НГА з усіх частак еўрарэгіёну. Адным з кірункаў дзейнасці Фонда павінна стаць фінансаванне праграм і праектаў грамадскіх арганізацый з розных частак еўрарэгіёна “Нёман”, накіраваных на вырашэнне лакальных і транспамежных праблем;

- аб увядзенні ў склад Рады прадстаўнікоў НГА з усіх частак еўрарэгіёну;

- аб уключэнні ў планы працы еўрарэгіёна “Неман-Niemen-Nemunas” на 2003 год мерапрыемстваў грамадскіх арганізацый, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёна “Неман-Niemen-Nemunas”, вырашэнне вострых лакальных і транспамежных праблем у межах еўрарэгіёна.

Зварот прыняты ўдзельнікамі Форума грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман”, які адбыўся 18-19.10.2002 г. у Гродне, Беларусь.