Аб еўрарэгіёне “Нёман”
…Тут размаўляюць на чатырох мовах. Людзі з чатырох розных культур сустракаюцца і спрачаюцца аб сваіх гістарычных мітах ды гутараць аб сённяшнім жыцці. Моладзь з Расеі, Літвы, Беларусі і Польшчы разам забываецца на памылкі старэйшых пакаленняў. Тут нараджаецца новая Еўропа…
Шчыра запрашаем у ПоЛіБелКу – міжнародную сетку грамадзянскай супрацы грамадскіх арганізацый еўрарэгіёну “Нёман”.
Еўрарэгіён “Нёман” лучыць памежныя рэгіёны Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. (РФ). У яго ўваходзяць:
- з боку Беларусі – Гарадзенская вобл.;
- з боку Літвы – Віленскі, Алітускі і Мар’ямпальскі паветы;
- з боку Расіі – Гусеўскі, Красназнаменскі, Несцераўскі, Азёрскі і Чарняхоўскі раёны Калінінградскай вобл.;
- з боку Польшчы – Падляшскае ваяводства (акрамя часткі, што складае былое Ломжынскае ваяводства), частка Вармінска-Мазурскага ваяводства (гміны ў складзе былога Сувалкаўскага ваяводства).
Мэты еўрарэгіёну:
- заахвочванне транспамежных зносінаў і супрацы чатырох краін;
- пераадоленне ізаляцыі жыхароў суседніх рэгіёнаў:
- падтрымка росту і развіцця гаспадаркі і інфраструктуры;
- павышэнне ўзроўню жыцця людзей.
Еўрарэгіён існуе з 1997 года, дзейнасць у яго рамах ажыццяўляецца органамі ўлады еўрарэгіёну, заснаванымі на тэрыторыі кожнай з чатырох складных частак. Кожная з краін па чарзе старшынствуе ў еўрарэгіёне; у 2003 годзе гэтую ролю выконвае Літва.
Еўрарэгіён і НГА
Думка аб супрацы ўлад еўрарэгіёну з няўрадавымі арганізацыямі была выказаная на Форуме няўрадавых арганізацый еўрарэгіёну ў кастрычніку 2002 г. ў Гродне. Форум прыняў зварот да Рады еўрарэгіёну, прызначыў каардынатараў дзейнасці па супрацы з Радай у кожнай з краін.
15 траўня 2003 г. у паседжанні Рады еўрарэгіёну ў Друскеніках узяў удзел прадстаўнік грамадскага сектару Вадзім Вілейта (Віленскі звяз маладзёвых арганізацый «Круглы стол»). Была дасягнутая прынцыповая дамоўленасць аб супрацы і вырашана заснаваць працоўную групу НГА пры Радзе еўрарэгіёну «Нёман». Адпаведныя рашэнні занесеныя ў пратакол, а сумеснае мерапрыемства маладзёвых арганізацый еўрарэгіёну – летнік «ПоЛіБелКа» (Піянерскі, РФ, жнівень 2003 г.), а таксама Фестываль нацыянальных культур еўрарэгіёну (Азёрск, РФ, чэрвень 2003 г.) ўключаныя ў каляндар дзейнасці еўрарэгіёну.
Прыцягненне НГА да праектаў у рамах еўрарэгіёну дазволіла б якасна палепшыць дзейнасць па дасягненні мэтаў еўрарэгіёну, павялічыла б аб'ём падтрымкі з еўрапейскіх фондаў, несла б карысць абодвум бакам.