Eurarehijon Njoman logo

"ПоЛіБелКа": 8 - 15 жніўня 2003, Піянерскі   

Letnik
Eurarehijon
Forum
surfing losi rovar

Шлях у нас адзіны…

 

ПоЛіБелКа…

Прамаўляючы зараз гэтае слова ўслых або проста трымаючы яго ў галаве ды сэрцы, дагэтуль адчуваю, як сэрца пачынае біцца хутчэй, дыханьне робіцца перарывістым, а ў галаве ўсё круціцца ды гудзе.

ПоЛіБелКа…

Тут я сустрэў сяброў – сапраўдных, на ўсё жыцьцё. Тут ці не ўпершыню за свае 21 адчуў адказнасьць за іншых людзей – а іх было больш за 40 чалавек! Тут, пасьля доўгага расчараванага маўчаньня, зноўку ў сэрцы ўсё завіравала-закруцілася, захацелася нешта рабіць дзеля агульнае карысьці. Тут убачыў і пазнаёміўся бліжэй з тымі, аб кім толькі чуў ды пра якіх ведаў адно з шматлікіх і часьцяком няслушных стэрэатыпаў, – моладзьдзю Польшчы, Летувы, Расеі. Тут разам з усімі астатнімі ўдзельнікамі – незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці, колеру скуры ці палітычных перакананьняў – сьпяваў песьні, граў у валейбол, разважаў на сур’ёзныя й ня вельмі тэмы, гаварыў пра нашыя агульныя праблемы ды шляхі іх разьвязаньня, плянаваў будучыя супольныя праекты, марыў пра ідэальную краіну ПоЛіБелКу…

ПоЛіБелКа…

Дадому я вяртаўся хворы. Хворы на Балтыку, на дзікае няскоранае мора, на бурштын на мокрым пяску, на вольны вецер ды неабсяжны далягляд. У сэрцы дагэтуль шуміць начны балтыйскі шторм, калі ўдвох мы брылі па цёплым пясчаным беразе, слухаючы сьпеў сівых хваляў ды ўзіраючыся ў непаўторнае зорнае неба. А перад вачыма – залатая сьцежка балтыйскага золку да самога краю зямлі, дзе злучаюцца ў адзінае й непадзельнае цэлае шалёнае мора й разважлівае неба. О, Балтыка! Я сьпяваю разам з табой! Твае магутныя хвалі песьцілі нашыя босыя ногі, ад твайго шэпту закладвала вушы ды разрывалася сэрца, твой подых высушваў нашыя сьлёзы, а твой бурштын асьвятляў шлях нашым загубленым душам…

ПоЛіБелКа…

Гэта падзея, гэта зьява, якая ёсьць і якую нельга апісаць ды ўкласьці ў нейкія штучныя нормы і правілы. Праграма летніку, пакутліва выпрацаваная маладзёнамі, паміж якім былі сотні і сотні кілямэтраў, карэктавалася і зьмянялася ўжо ў час летніку. Шалёны тэмп і значная насычанасьць жыцьця летніку (а як інакш, калі ў нас было толькі пяць дзён?!) адным падабаліся, а іншых наадварот напружвалі. Адныя прыехалі адпачыць, іншыя – рэальна працаваць, пазнаёміцца адзін з адным, усталяваць сяброўскія дачыненьні ды наладзіць супрацоўніцтва на будучыню. Што ні чалавек – новы й непаўторны сьвет з уласнымі памкненьнямі ды запатрабаваньнямі, бачаньнем ідэі ПоЛіБелКі ды сваёй роляй у ёй. Шкада, што не заўсёды атрымлівалася спалучыць іх, накіраваць усіх у агульнае рэчышча. Палякі блукалі па мястэчку ды купаліся ў моры, летувісы баяліся шторму, цыганы сьпявалі ды танчылі, расейцы нечакана зьнікалі й ня менш нечакана зьяўляліся, беларусы варылі бульбу ды распавядалі ўсім пра розьніцу паміж сваёй нацыянальнай і дзяржаўнай сымболікай…Аднак гэтая вонкавая рознасьць і неарганізаванасьць зьнікалі, як толькі пачыналіся сьпевы ці ў выніку шторму зьнікала сьвятло. Тады ўсе пачыналі супакойваць летувісаў і шукаць палякаў, расейцы распрацоўвалі шляхі магчымай эвакуацыі, а беларусы адольвалі цемру з дапамогай загадзя прывезеных ліхтарыкаў.

ПоЛіБелКа…

Гэта зьдзіўленыя вочы й першыя нясьмелыя пытаньні маладых хлопцаў і дзяўчат, якія слухалі прэзэнтацыі краін і арганізацыяў сваіх аднагодкаў. Гэта сьмешныя карыкатуры адзін на аднога, якія ўлагоджвалі гістарычныя крыўды цэлых народаў ды абвяргалі нацыянальныя стэрэатыпы. Гэта пераадольваньне межаў, усталяваных ня намі і калі ў нас не пыталіся, ці хочам мы тых межаў. Аднолькавае імкненьне да міру і сяброўства, дэмакратыі і дабрабыту, супрацоўніцтва і глыбейшага знаёмства адзін з адным – усё гэта жыло з намі, незалежна ад колеру і формы нашых пашпартоў.

ПоЛіБелКа… Я ня ведаю, што ты і хто ты. Ведаю толькі адно: ты ёсьць і і ёсьць мы. Ты – гэта мы, а мы – гэта ты. І шлях у нас адзіны…

 

Валера Руселік, каардынатар зь беларускага боку

 

 

 

 

 

 


international@vjosas.lt
tochka